Музычны трыб’ют-праект, прысвечаны 45-годдзю
ансамбля «Песняры»

Песняры

Праект парталу TuzinFM, фонда «Вяртанне» і грамадскай кампаніі «Будзьма беларусамі!»
пры падтрымцы газеты «Культура» і парталу Tut.by. Жывая прэм’ера адбылася 12 верасня 2014.
Аўтарка ілюстрацыі Onliner – Валерыя Седлюкоўская
Задума праекту «Re:Песняры» ў тым, каб паказаць наколькі паўплывала музыка «Песняроў» на новае пакаленне беларускіх музыкантаў. Таму ў ім бяруць удзел прадстаўнікі самых розных стыляў, ад джазу і авангарду да рэп-музыкі і індзі-року. Падбор менавіта гэтых выканаўцаў невыпадковы ­— кожны з іх з’яўляецца не толькі вартым увагі і арыгінальным музыкам, але яшчэ і цікавай ды яскравай асобай.
— Музыка здольная змяніць лёс чалавека. Другая палова ХХ стагоддзя засведчыла, што рок-музыка здольная змяніць лёс цэлага пакалення. Музыка можа перайначыць і цэлую краіну. Дзеля вяртання беларусам — Беларусі, на маю думку, Уладзімір Мулявін з «Песнярамі» зрабіў не меней, чым Уладзімір Караткевіч. Ансамбль Мулявіна здзейсніў сапраўдную спеўную рэвалюцыю. Пра гэта можна дыскутаваць, але не падлягае сумневу, што без «Песняроў» мы былі б іншымі.
Уладзімір Арлоў з прадмовы да праекта
— Музыка здольная змяніць лёс чалавека. Другая палова ХХ стагоддзя засведчыла, што рок-музыка здольная змяніць лёс цэлага пакалення. Музыка можа перайначыць і цэлую краіну. Дзеля вяртання беларусам — Беларусі, на маю думку, Уладзімір Мулявін з «Песнярамі» зрабіў не меней, чым Уладзімір Караткевіч. Ансамбль Мулявіна здзейсніў сапраўдную спеўную рэвалюцыю. Пра гэта можна дыскутаваць, але не падлягае сумневу, што без «Песняроў» мы былі б іншымі.
Уладзімір Арлоў
З прадмовы да праекта

SP Kava i Angst «Думалі»

музыка SP Kava і Вячкі Красуліна, словы SP Kava і Angst
У адрозненне ад іншых удзельнікаў праекту SP Kava i Angst не працавалі з матэрыялам «Песняроў», а вырашылі напісаць свой твор. Трэк «Думалі» быў запланаваны як ліст ад прадстаўнікоў сённяшняга пакалення — і Уладзіміру Мулявіну, і Янку Купалу. SP Kava i Angst тлумачаць, што за рытмічную аснову трэку ўзятае зашыфраванае ў купалаўскім вершы слова «думалі», што ўтвараецца на стыку словаў у радку «Я буДУ МАЛІцца і сэрцам і думамі». Менавіта ў гэтым быў пабачаны ключ да пэўнай спробы дыягназу пакалення: вялікая колькасць магчымасцяў і спосабаў існавання і, вядома, у якасці ключа — малітва за будучыню Беларусі.
– Час, якому належым мы, такі, што цяперашняе пакаленне можа і не ведаць «Песняроў», нават не адрозніваць іх ад, напрыклад, «Сяброў». І тут ужо цалкам бясспрэчнай робіцца неабходнасць звароту новых музыкаў да спадчыны беларускай легенды.

Angst i SP Kava

Akute «Алеся»

музыка Ігара Лучанка, словы Аркадзя Куляшова
Песню «Алеся» напісаў кампазітар Ігар Лучанок на просьбу аўтара гэтага бездакорнага вершу — Аркадзя Куляшова. Яны сябравалі між сабой, і Куляшоў звярнуўся з просьбаю — «напісаць шлягер». Звычайна гурта Akute не бярэцца за каверы, але песня «Алеся» цалкам падышла ім па духу, эмацыйна і ў музычным плане.
— «Песняры» з’яўляюцца той самай карэннай спадчынай, якая ўжыта ў генетычным кодзе беларусаў наўпрост.
Раман Жыгараў

DeTroit «Чырвоная ружа»

музыка 1994 года Уладзіміра Мулявіна, словы народныя, музыка 2014 года гурта DeTroit
Песня «Чырвоная ружа» — адна з візітовак «Песняроў» 90-х. У версіі DeTroit яна загучала ў джаз-апрацоўцы. Такім чынам убачылі яе музыкі, нягледзячы на сваю «прыракаванасць ды кураж».
— Гэтая песня са мною досыць даўно. Яна трапіла не толькі ў тэмперамент, але і ва ўнутраны свет.
Інга Кісялёва

BosaeSonca «Ты мне вясною прысьнілася»

музыка Юрыя Семянякі, словы Міхася Шушкевіча
«Ты мне вясною прысьнілася» увайшла ў рэпертуар «Песняроў» яшчэ ў той час, калі яны зваліся «Лявонамі». Якраз гэтую песню вырашыў пераасэнсаваць для праекту «Re:Песняры» гурт BosaeSonca.
— Гурт гэты такога маштабу, што нават калі ты не слухаеш іх музыку адмыслова, то немагчыма не ведаць некаторыя кампазіцыі, якія самі сабой так ці іначай даходзяць да цябе і зазвычай кранаюць да дрыжыкаў. Гэта наша сапраўднае рэтра, наша музычная гісторыя, за якую не проста не сорамна, а якой можна ўпэўнена і шчыра ганарыцца.
Алесь Кот-Зайцаў

Dzieciuki «А хто там ідзе»

музыка арыгіналу Сяргей Картэс, словы Янкі Купалы, апрацоўка 2014 года гурта Dzieciuki
Песня «А хто там ідзе» у выкананні «Песняроў» лічыцца рарытэтнай. Яна афіцыйна не выдавалася і была запісаная для мастацкага фільму «Раскіданае гняздо» рэжысёра Барыса Луцэнкі, які пабачыў свет у 1982 годзе на 100-годдзе паэта. Арыгінальную музыку да гэтай песні напісаў славуты кампазітар Сяргей Картэс, на той час галоўны музычны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У  інтэрпрэтацыі гурта Dzieciuki з дудой і акардэонам яна набыла маршавую афарбоўку.
— Нам падаецца, што яна пасуе пад наш імідж, калі так можна казаць. Нам прыйшлося папацець, бо песня вельмі складана арынжыравана. У нашым варыянце яна выйшла качова-маршавай, даволі цяжкой і не зусім уласцівай для нас у музычным плане.
Алесь Дзянісаў

Pomidor/off «Скрыпяць мае лапці»

музыка і словы народныя, апрацоўка 1970 года Уладзіміра Мулявіна, апрацоўка 2014 года гурта Pomidor/off
Песня «Скрыпяць мае лапці» увайшла ў тую самую першую кружэлку-гігант ансамбля «Песняры», выдадзеную ў 1971 годзе пасля фурору ансамбля ва ўсесаюзным конкурсе артыстаў эстрады. У арыгінальнай кампазіцыі Мулявіна, дарэчы, Памідораў угледзіў яе падабенства да гіта The Who «Magic Bus». Музыка наогул лічыць, што кіраўнік «Песняроў» займаўся асветніцкай дзейнасцю, як і шмат хто з савецкіх музыкаў, пераносячы самыя свежыя музычныя плыні на ідэалагазіваную савецкую глебу.
— Для мяне «Песняры» у пэўны час пачатку майго жыцця былі ўвасабленнем рытму і задавальнення ад музыкі. Памятаю як я, здаецца, яшчэ ці то году не было мне, ці нядаўна споўніўся, увесь час чакаў, калі ізноў прагучыць па радыё песня з цікавым рэхам хору мужчынскіх галасоў у куплеце. Гэта была якраз «Скрыпяць мае лапці». Рабіць дакладную копію ў нас не ўваходзіла ў планы. Нейкай дакладнай ідэі не было, было жаданне аднавіць добрую песню пра каханне, ну і каб выглядала і актуальна, і адпаведна нашаму гучанню.
Аляксандр Памідораў

Relikt «Жураўлі на Палесьсе ляцяць»

музыка Ігара Лучанка, словы Алеся Ставера, аранжыроўка 1981 года Уладзіміра Ткачэнкі, аранжыроўка 2014 года гурта Relikt
«Жураўлі на Палесьсе ляцяць» — адна з песень-візітовак «Песняроў». У сваёй версіі Relikt зрабілі кампазіцыю больш лаканічнай, давялі яе настрой бліжэй да свайго фірмовага стылю. Таксама крыху змянілі вакальную партыю і вывелі на пярэдні план яскравую асноўную мелодыю песні.
— Мелодыя з «Жураўлёў» засталася ў памяці яшчэ з часоў юнацтва. Нягледзячы на тое, што ў пераходным узросце я супрацьстаўляў сябе такім паняццям, як «эстрада» і «поп-музыка», гэтая моцная кампазіцыя здолела прыцягнуць увагу.
Уладзімір Казлоў

Зміцер Вайцюшкевіч «Вераніка»

музыка Ігара Лучанка, словы Максіма Багдановіча, апрацоўка 2014 года Змітра Вайцюшкевіча
«Вераніка» — адна з самых вядомых песень у рэпертуары «Песняроў». Яе напісаў кампазітар Ігар Лучанок на словы Максіма Багдановіча ў 1974 годзе. Сваю версію славутай кампазіцыі Зміцер Вайцюшкевіч прысвячае Вераніцы Кругловай, Вераніцы Эрыксан ды ўсім тым, хто мае гэтае прыгожае імя.
— Дзякуючы «Песнярам» я наогул стаў беларусам, мяне пераключыла на гэтае разуменне падчас іх канцэрту ў доме афіцэраў у Лідзе ў 1987 годзе. «Вераніка» — адна з самых прыгожых песень. І адна з самых складаных у выкананні. Пераплюнуць яе ў вакальным плане проста немагчыма і такой задачы не было. Мы пераказалі гэтую гісторыю на свой лад, змяніўшы рытм. Нібы лірычны герой вяртаецца на радзіму не з Ялты ці Піцеру, а з Парыжу, гораду кахання.
Зміцер Вайцюшкевіч

Палац «Завушніцы»

музыка Уладзіміра Мулявіна, словы Максіма Танка, апрацоўка гурта «Палац»
«Палац» абраў гэты твор, бо ў свой час ён быў абсалютна сугучны з агульнасусветнымі фолк-рокавымі тэндэнцыямі і нават апярэджваў у падыходах да аранжыроўкі. Свой варыянт яны зрабілі наўмысна без гітар, каб было непадобна да арыгіналу, але захавалі шыкоўную гармонію і зухаватасць гісторыі. У сувязі з рашэннем асобы, якой належалі правы на творчую спадчыну Мулявіна, песня не была прэзентаваная ў праекце. У сеціве яна з’явілася ў 2017-м.
— Мы змянілі толькі адно слова ў тэксце: замест «звіняць ёй завушніцы» праспявалі «ёй шэпчуць завушніцы». Гэта адвольнасць звязана з гісторыяй аб перакладзе песні на польскую мову, а потым ізноў на беларускую. 
Алег Хаменка

TonqiXod «Гусьляр»

музыка Ігара Лучанка, словы Янкі Купалы
Рок-опера «Гусьляр» паводле паэмы Янкі Купалы нарадзілася акурат у той час, калі прагрэсіўны рок меў шалёную папулярнасць у свеце. Ігар Лучанок распавёў, што ў аснову рок-оперы пакладзена яго дыпломная праца «Курган» — кантата для хору салістаў і сімфанічнага аркестру. Напісаная яна была ў 1961 годзе, спадар Ігар тады сканчаў кансерваторыю. Праз 16 гадоў да яе звернецца Уладзімір Мулявін. Разам з Лучанком яны напішуць твор, які ўвойдзе ў лік найлепшых прог-рок праграм сусветнай музыкі. Першапачаткова музыкі гурта TonqiXod думалі, што ў іх будзе больш брудны і гаражны саўнд з акустычнымі аздабленнямі, але час і абставіны скарэктавалі задуманае. Нягледзячы на пэўныя кампазіцыйныя перакройкі, яны досыць ашчадна паставіліся да матэрыялу.
— Няма сумневу, што «Песняры» залатога складу — гэта музыка сусветнага ўзроўню як ні паглядзі. Застаецца толькі шкадаваць, што з усіх імі ж намечаных шляхоў яны пазней пайшлі ці не па самым непрывабным. Мажліва, што вымушана. У нас выйшла ў пэўным сэнсе бачанне гісторыі вачыма самога гусляра. Вось у лірычным уступе ты дзесьці медытуеш на ўлонні прыроды, ні пра што не падазраючы, а праз імгненне ў тваю асабістую прастору ўрываюцца ўзброеныя людзі, цягнуць да палаца, садзяць на ганку, потым як з табакеркі выскоквае князь і пачынае патрабаваць ад цябе песні, ды ня проста песні, а нейкай такой ды гэткай — куламеса ды гармідар.
Уладзь Лянкевіч

Akana «Калядачка»

музыка і словы народныя, апрацоўка 1979 году Уладзіміра Мулявіна, апрацоўка 2014 году Ірэны Катвіцкай
«Калядачкі» — твор народны, узяты і апрацаваны «Песнярамі» для «Праграмы каляндарна-абрадавых песень». Пасля яна ўвойдзе ў фільм «20 хвілін з Песнярамі» ды ў live-альбом «Зачараваная мая» і стане адным з галоўных гітоў ансамблю Мулявіна ў пачатку 80-х. У гурта Akana атрымаўся арыгінальны твор, з аўтарскім рыфам, гармоніяй і мелодыяй, зроблены пад уплывам ад музыкі «Песняроў».
— «Калядачкі» — вясёлы карнавал для простага народу і рафінаванага арыстакрата. Шматгалосныя фактуры — гэта тое, што Акана працягвае рабіць па «песняроўскай» традыцыі. З усіх бакоў гэта «наша» песня.
Ірэна Катвіцкая
Не ўвайшлі ў першапачатковую версію праекту

Хор «Унія» «Пагоня»

музыка Уладзіміра Мулявіна, словы Максіма Багдановіча
«Пагоня» — адзін з шэдэўраў, створаны «Песнярамі» у 90-х. Уладзімір Мулявін напісаў музыку да класічнага верша Максіма Багдановіча. Тады якраз вяліся размовы пра тое, каб «Пагоня» стала новым гімнам Беларусі. Менавіта гэты спеў выканаў мужчынскі хор «Унія» для праекту «Re:Песняры». На вялікі жаль, паразумецца з асобамі, якім належаць правы на творчую спадчыну Уладзіміра Мулявіна, не выйшла, таму песня была прэзентаваная пазней, ужо па-за праектам.
— Мой настаўнік з кансерваторыі зазначаў, што ў сучаснай музыцы павінны прысутнічаць традыцыі і наватарства. І гэта адбылося ў «Песняроў». Другі, маскоўскі настаўнік, казаў: «Ёсць рускі партэс, пабудаваны беларусамі». Ёсць сучасная балонская школа сімбіёзу стылю і жанру, і гэты сімбіёз стылю і жанру на глебе беларускага фальклору змог пабудаваць не беларус Мулявін разам з ансамблем «Песняры». 
Кірыла Насаеў

Naka «Малітва»

музыка гурта Naka, словы Янкі Купалы
Песня «Малітва» — сапраўды культавы твор у рэпертуары «Песняроў». Гурт Naka мусіў прадставіць яе ў праекце Re:Песняры, але супраць іхняй трактоўкі выступіў адзін з аўтараў кампазіцыі Алег Моўчан. Справа скончылася ў Вярхоўным судзе. Нягледзячы на прысуд, Наста Шпакоўская вырашыла скончыць задуманае — напісала сваю музыку на словы Янкі Купалы, запісала песню, зняла на яе кліп і ў гонар гэтай кампазіцыі назвала першы беларускамоўны альбом каманды.
— Насуперак усяму мы вырашылі давесці справу да канца, таму што вершы Янкі Купалы належаць беларускаму народу, а тым больш гэтыя радкі з малітваю за беларускі народ. Лічу, што кожны мае права сачыняць музыку на гэтыя словы, выконваць яе і жыць гэтым, калі яму неабыякавы лёс свайго народу і краіны.
Наста Шпакоўская

Сяргей Пукст «Александрына»

музыка Уладзіміра Мулявіна, словы Пятруся Броўкі, апрацоўка Сяргея Пукста
Эксперыментальная версія песні «Александрына» не ўвайшла ў афіцыйны рэліз з-за забароны уладальнікаў правоў на творчую спадчыну Мулявіна. Сяргей Пукст кажа, што выбраў «Александрыну», бо гэта вельмі загадкавая песня. Рамантычная, вельмі светлая мелодыя надае неадназначнаму тэксту характар напаміну пра каханне.
— Я тут убачыў расчараванне ад кахання, якое не сустрэў. Таму ў прыпеве з’яўляецца ледзяны подых смерці. І ўвесь тэкст, як перадсмяротны напамін. І ўрэшце пры канцы крык адчаю ад няздзейсненага шчасця. Пракручаныя назад шпіёнскія сігналы, з якіх пачынаецца трэк, кажуць пра тое, што недавер і падазронасць не даюць ажыццявіцца нечаму галоўнаму.
Сяргей Пукст
Плэйліст з усімі песнямі
— Хачу сказаць усім удзельнікам праекту Re:Песняры вялікі дзякуй. Яны працягваюць тое, што некалі адкрыў Уладзімір Георгіевіч Мулявін, з якім мы разам былі яшчэ з часоў гурта «Лявоны». Гэты праект працягвае творчы шлях беларускай песні. Песні і паэзіі, бо шмат песень напісана на вершы беларускіх паэтаў. Думаю, што слухачы з удзячнасцю сустрэнуць гэты праект.
Ігар Лучанок
кампазітар
— Нядрэнныя нумары ў альбоме ёсць, што пакінулі па сабе добрае ўражанне, як маецца і некалькіх занадта тужлівых тэмаў. Важна, каб у альбоме быў хоць адзін нумар, пасля якога ты не пашкадуеш, што аддаў грошы за пласцінку. Для мяне такой стала «Вераніка» у выкананні Змітра Вайцюшкевіча. Станоўча вылучыў бы хор «Унія», Pomidor/off, Сяргея Пукста, Detroit. Ня так і мала! Сама ідэя такога трыб'юту мне падабаецца. Гэта ж сусветная практыка, калі музыканты запісваюць свае «прысвячэнні» вялікаму выканаўцу.
Валеры Дайнэка
працаваў у «Песнярах» з 1977 да 1992
З-за непаразумення з асобамі, якім належалі правы на творчую спадчыну Мулявіна, у афіцыйны рэліз увайшлі толькі 9 кампазіцый. Запланаваны адпачатку выхад дыска з песнямі праекта не адбыўся.
— Дыска не будзе. Мы выказалі рэспект да той ступені, да якой нам дазволілі некаторыя людзі.
Сяргей Будкін
кіраўнік праекта
Песні, якія абралі для сябе Сяргей Пукст, гурт «Палац» і хор «Унія» забараніла выкарыстоўваць Святлана Пенкіна, жонка Мулявіна. Гурту Naka, які абраў для выканання «Малітву» на словы Янкі Купалы, катэгарычна забараніў выкарыстоўваць твор аўтар арыгінальнай музыкі да гэтай кампазіцыі Алег Моўчан. Тым не менш, гурт Насты Шпакоўскай паўдзельнічаў у канцэртнай прэзентацыі праекту.

За парушэнне аўтарскіх правоў Моўчан падаў у суд на лідарку гурта Naka. Па яго меркаванню, аранжыроўка абсалютна не адпавядала мастацкай задуме твора, а таксама — Молчан не пачуў у ёй сябе. Ад кампенсацыі ў тагачасных 2,5 млн.рублёў (чысты прыбытак ад канцэрта) аўтар адмовіўся. Кампазітар патрабаваў ад Шпакоўскай выплаціць яму 18 мільёнаў рублёў, а таксама судовыя выдаткі. Суд ацаніў шкоду ў 9 млн. Дадаткова — 5 млн. за выдаткі на адваката.
— Песня «Малітва» — гэта сапраўды духоўны гімн Беларусі. Але яна стала духоўным гімнам Беларусі таму, што яе спяваў Уладзімір Мулявін, наш Пясняр, а не таму, што яе напісаў ці праспяваў Моўчан. А цяпер, атрымліваецца, мы ўсе будзем залежыць ад чалавека, які будзе вырашаць, колькі трэба плаціць за выкананне.
Наста Шпакоўская
Некалькі беларускіх мызыкаў у падтрымку гурта Naka запісалі свае каверы на песню «Малітва». Такі флэшмоб ініцыяваў паэт і мастак Адам Глобус. Сваю версію запісалі спявачка Pauline і Сяргей Балахонаў. Піт Паўлаў і гурт Drum Ecstasy выканалі песню на канцэрце, а паэт і музыка Байсан зняўся разам з Настай Шпакоўскай ў ню-фотасэсіі ў падтрымку свабоды творчага самавыяўлення.
Прэзентацыя
Канцэртная прэзентацыя праекта прайшла 12 верасня 2014 у клубе Re:Public. У ёй узялі ўдзел гурты Tonqixod, Naka, Pomidor/off, Akute, Сяргей Пукст, Зміцер Вайцюшкевіч, а таксама БДА «Песняры». Вядучым канцэрта стаў Алег Хаменка.
Праект Re:Песняры атрымаў дыплом другой ступені ў намінацыі «Грамадскія праекты» на шостым фэстывалі беларускамоўнай рэкламы і камунікацыі AD.NAK!
— Праект «Re:Песняры» мысліўся намі, як прыгода, выпрабаванне і эксперымент. Таму яшчэ да прэзентацыі праекту адбыліся шмат якія важныя рэчы, якія звязалі два паралельныя сусветы ды ў пэўнай ступені злучылі класіку і сучаснасць. Прынамсі, хочацца ў гэта верыць. Што б там хто ні забараняў і ні дзяліў, творчасць «Песняроў» не належыць дзяржаве, жонцы, брату ці свату. Яна належыць усім нам
Сяргей Будкін
кіраўнік праекта